«Да мяне ў клуб хадзілі займацца жонкі і каханкі мінскіх „аўтарытэтаў“». Расказваем пра тусовачны Мінск 1990-х
14 снежня 2022 у 1671031020
«Зеркало»
«Калі годзе ў 93-м ты хацеў каго ўбачыць - ты ішоў на Панікоўку, браў бутэлечку "Старажытнага" піва, сядаў на лавачку і пачынаў чакаць. Рана ці позна гэты чалавек там з'яўляўся», - расказваў адзін з удзельнікаў гурта «Нейра Дзюбель». Пра тусовачны Мінск 1990-х, часу галечы, свабоды і неймаверных магчымасцяў, выходзіць кніга «Ад Панікоўкі да Шайбы». Дзякуючы выдаўцу нам удалося пазнаёміцца з працай да старту продажаў - расказваем, пра што будзе гэтая кніга.
Яе аўтары Павел Валатовіч і Аляксей Кавалёў стрэлілі ў 2021-м з кнігай «Огромная тень дождевого червя», прысвечанай культаваму беларускаму музыку Аляксандру Кулінковічу, лідару гурта «Нейра Дзюбель». Працуючы над ёй, аўтары, паводле іх уласных словах, даведаліся пра вельмі цікавыя і памятныя месцы мінскіх дзевяностых - і вырашылі пра іх расказаць.
Кніга пра Кулінковіча выходзіла ў выдавецтве «Янушкевіч», чыя праца ў Беларусі спынілася праз умяшанне сілавікоў. Цяпер выдавец Андрэй Янушкевіч адрадзіў ініцыятыву за мяжой. Адной з навінак стала новая кніга Валатовіча і Кавалёва.
Сваё даследаванне яны падзялілі на тры часткі: Мінск тусовачны, Мінск клубны і Мінск «залаты». Галоўным крытэрам сістэматызацыі стала наяўнасць грошай у кішэнях герояў.
Як пісаў у прадмове Валатовіч, «Беларусь 90-х была беднай дзяржавай. І, як у любой беднай дзяржаве, галоўнай прыкметай была адсутнасць сярэдняга класа. Былі вельмі бедныя і вельмі багатыя людзі. Хтосьці насіў адну пару абутку тры гады запар зімой і летам, хтосьці будаваў чацвёрты паверх свайго катэджа».
«Цэнтр Мінска гудзеў з самай раніцы да позняй ночы»
Першы раздзел, «Мінск тусовачны», расказвае пра людзей, якія бавілі свой вольны час на лавачках у скверах і на прыступках у падземных пераходах, часам не маючы ў кішэні нават жэтона на метро. Большасць месцаў тусоўкі знаходзілася ў цэнтры.
«Тусовачны Мінск 90-х - гэта дзясятак месцаў паміж станцыямі метро "Кастрычніцкая" і "Няміга". Абысці іх можна хвілін за 15 прагулачным крокам. Вось Панікоўка, проста насупраць - Сцяна Цоя, пад праспектам - Труба, проста над ёй - "Цэнтральны", крыху далей - "Макдоналдс", побач - Алейка і Фелікс, за "Макдоналдсам" - П'яны двор, а далей - "Пінгвін" і Художка. А калі завярнуць за рог - то вось ужо зноў Сцяна і Панікоўка. Кола замкнулася», - пішуць аўтары.
Паводле іх, удзельнікамі тусоўкі было «некалькі сотняў чалавек, якія кружылі там вясной, летам, восенню і часам нават зімой. Большасці з іх ужо даўно няма ў жывых. Штодня там слухалі музыку, гралі музыку, складалі музыку, ужывалі алкаголь, куплялі наркотыкі, прадавалі наркотыкі, ужывалі наркотыкі, цалаваліся, займаліся сэксам, уцякалі ад міліцыі, біліся са скінхэдамі, біліся з гопнікамі, шукалі грошы на ежу і выпіўку. А на наступны дзень - усё тое самае. І так дзень за днём, год за годам. Хтосьці паспеў вырвацца з тусоўкі, кагосьці яна засмактала. Камусьці яна каштавала здароўя, многім яна каштавала жыцця».
«Калі я ўпершыню трапіў у Барселону, то адразу ж успомніў 50-годдзе Перамогі ў Мінску, 9 траўня 95-га: такое ж адчуванне свабоды і свята. Людзі плавалі ў Свіслачы, купаліся ў фантанах, усюды прадаваліся піва і ежа, не было ніякіх металадэтэктараў, цэнтр Мінска гудзеў з самай раніцы да позняй ночы», - успамінаў музыка, гітарыст гурта «Красные Звёзды» Яўген Бялоў. Яго ўспаміны прыводзяцца ў кнізе. А яшчэ - дзясяткаў іншых прадстаўнікоў мінскай тусоўкі дзевяностых.
У пісьменніка Адама Глобуса тусоўка таго часу звязаная з эратычнымі ўспамінамі: «У 1991 годзе мы з жонкай у падземным пераходзе на Кастрычніцкай зрабілі першую эратычную выставу - з голымі цёткамі. Прадавалі білеты і зарабілі нармальна. У СССР не было ні эротыкі, ні парнаграфіі, н****а не было! Усё было табуяванае. Калі Цой ў фільме "Игла" сказаў слова "трахаешся", то гэта прагучала як выбух гранаты - проста уууух! І сэкс-рэвалюцыя была асноўнай прабіўной сілай. У нас у 90-х пачалі выходзіць кніжкі з эратычнымі анекдотамі, у кіёсках пачалі прадавацца відэакасеты з парнафільмамі. І ўсё раптам стала дазволена. І гэта спрацавала. Потым з'явіліся гей-клубы, "Лямбда-форум", гей-прайды - дафіга ўсяго адбылося. І я лічу гэта вялікім дасягненнем з таго, што зрабіла маё пакаленне».
«Першы ў Мінску конкурс бодзі-арта c голымі мадэлямі, тады гэта было шакавальна»
Другі раздзел - «Мінск клубны» - прысвечаны спробе закласці традыцыю clubbing у Мінску 90-х. Там жа аўтары тлумачаць, чаму яна аказалася не вельмі паспяховай.
Паводле іх словаў, у канцы 1980-х «сфармавалася пакаленне адміністратараў, якія мроілі пра мінскія клубы ў заходнім стылі - з барам, інтэр'ерам, стылістыкай гуртоў-выступоўцаў, сваёй унутранай ідэалогіяй. Прычына, з якой усе вялікія задумы праваліліся, была простая - грошы, а дакладней, іх адсутнасць. Грошай не было ні ў арганізатараў клубаў, ні ў іх наведнікаў. У выніку дзеля павелічэння прыбытку даводзілася даваць граць усім запар. А канцэпцыя шыкоўнай барнай стойкі з барменам-віртуозам у рэальнасці ператваралася ў неабходнасць прадаваць гарэлку і піва, набытыя за гадзіну да канцэрта ў суседнім гастраноме».
Адным з культавых месцаў аўтары называюць падвал ДК МТЗ. Спярша там адкрыўся клуб пад назвай «Пиво и горячие сосиски у Толстого Мо», потым за кароткі перыяд на гэтай пляцоўцы адзін аднаго змянялі клубы «Пивное шоу», «Толстый Мо», «Астролябия-Шоу», «Три поросенка» і «Четыре апельсина». Менавіта тут адбыліся першыя канцэрты гуртоў «Ляпіс Трубяцкой» (1990), «Нейра Дзюбель» (1991) і N.R.M. (1994).
Трэцяя частка, «Мінск залаты», прысвечаная ўстановам, куды траплялі адзінкі: за вечар тут выдаткоўваліся сумы, роўныя сярэднегадавым зарплатам звычайных мінчукоў. «У сярэдзіне 90-х я вяла мерапрыемствы, часам даволі незвычайныя, - успамінае вядоўца Тамара Лісіцкая. - Напрыклад, першы ў Мінску конкурс бодзі-арта C голымі мадэлямі, тады гэта было шакавальна. Або прэзентацыя прэзерватываў класа люкс. Далі заданне - прыдумаць прэзентацыю тавару, але без пошласці. Я прыдумала такі ход: пры ўсіх адкрыла прэзерватыў, нацягнула яго на мікрафон і гаварыла далей, а якасць гуку пры гэтым не пагоршылася. Маўляў, вось ён які тонкі».
«Я не была тусоўшчыцай, - расказвае тэлевядоўца Наталля Наважылава. - Але да мяне ў клуб хадзілі займацца жонкі і каханкі мінскіх "аўтарытэтаў", вось яны і тусаваліся. Пасля трэніровак я была мёртвая, а там жа трэба было піць, курыць і танчыць да раніцы. А ў мяне кожны раз з раніцы альбо здымка, альбо чарговая трэніроўка. Часам былі такія "запрашэнні", ад якіх нельга было адмовіцца, у гэтым выпадку даводзілася ісці. Часцей за ўсё я аказвалася ў гэтых развясёлых месцах на здымках маіх праграм. Усе гэтыя "Рэактар", "Макс-Шоу", "Мэдысан" я разглядала выключна як пляцоўку для здымак».
Прэзентацыя і першыя продажы кнігі «Ад Панікоўкі да Шайбы» пройдуць 16 снежня ў Варшаве - Беларускі моладзевы цэнтр (пл. Канстытуцыі, 6), 18:00, а таксама 18 снежня ў Вільні: Цэнтр беларускай супольнасці і культуры (Віленская, 20), 15:00.