Па-нямецку выйшла кніга самага забароненага беларускага пісьменніка
18 красавiка 2023 у 1681823520
«Зеркало»
«Апошняя кніга пана А.» знакамітага беларускага пісьменніка Альгерда Бахарэвіча выйшла ў перакладзе на нямецкую мову ў берлінскім выдавецтве Edition Fototapeta. Пра гэта сам аўтар паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
«Мая другая афіцыйна прызнаная ў Беларусі экстрэмісцкай кніга цяпер мае нямецкае ўвасабленне. Праца над ёй была неімаверна цікавай і незвычайнай і шмат дала нам усім - спачатку я зрабіў пераклад на маю вельмі недасканалую, але нахабную нямецкую, а затым Андрэас Ростэк здзейсніў сапраўднае перастварэнне тэкста на прыгожы літаратурны Deutsch. Гэта была фантастычна займальная моўная і перакладніцкая прыгода. Дзякуй, Андрэас!», - напісаў Бахарэвіч.
Праз дзесяць дзён прэзентацыі кнігі пройдзе на Лейпцыгскім кніжным кірмашы.
Замовіць нямецкі пераклад можна на сайце выдавецтва.
Нагадаем, што ў сакавіку 2023 года арыгінал кнігі на беларускай мове прызналі экстрэмісцкім.