«Фермерам далі зарабіць, пралічыліся». Турчын і кіраўнік КДК паведамілі Лукашэнку пра недахоп бульбы — дакументы трапілі да «Люстэрка»
6 мая 2025 у 1746513000
Якуб Пушноў / «Зеркало»
У Беларусі застаюцца праблемы з бульбай у крамах, якія пачаліся з лютага (хоць Мінсельгасхарч і сцвярджае адваротнае). У пачатку красавіка пытаннем заняліся чыноўнікі МАРГ і віцэ-прэм'ер Юрый Шулейка. Але, відаць, іх намаганні не прынеслі выніку. У некаторых крамах беларуская бульба каштуе даражэй за іранскія кавуны. Праблема перайшла на найвышэйшы дзяржаўны ўзровень. З дапамогай BELPOL «Люстэрка» атрымала два закрытыя лісты Аляксандру Лукашэнку ад прэм'ер-міністра Аляксандра Турчына і старшыні Камітэта дзяржкантролю Васіля Герасімава. Першы тлумачыць палітыку прычыны дэфіцыту і апраўдваецца. А другі вінаваціць чыноўнікаў у недапрацоўках. Расказваем.

«Урадам сумесна не выконваюцца даручэнні кіраўніка дзяржавы»
Яшчэ ў канцы лютага Аляксандр Лукашэнка абурыўся, што, «аказваецца, у нас бульбы няма», і раскрытыкаваў чыноўнікаў. Відавочна, тады ён і даў даручэнне ўраду разабрацца ў сітуацыі. У сакавіку прэм'ер-міністрам замест Рамана Галоўчанкі стаў Аляксандр Турчын, і, хутчэй за ўсё, гэтае пытанне перайшло да яго. У дадатак сачыць за працай урада прызначылі Камітэт дзяржаўнага кантролю.
І вось 16 красавіка прэм'ер адправіў Лукашэнку ліст што да сітуацыі з дэфіцытам бульбы. Праз дзень справаздачу пра тое, як урад выконвае даручэнні палітыка, адаслаў і старшыня КДК Васіль Герасімаў. Абодва высокапастаўленыя чыноўнікі адзначаюць праблему з наяўнасцю бульбы ў крамах і на складах.
- Урадам сумесна з аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам не выконваюцца даручэнні кіраўніка дзяржавы, - адзначыў Герасімаў.
Кіраўнік Камітэта дзяржкантролю таксама расказаў пра вынікі маніторынгу наяўнасці бульбы і іншай гародніны ў гандлёвых сетках, які КДК праводзіў ад 1 да 16 красавіка.
- У 11% аб'ектаў бульба ў продажы адсутнічала, а ў 18% была толькі мытая, цана на якую не рэгулюецца, што выклікае справядлівыя нараканні пакупнікоў, - заявіў ён. - У некаторых гандлёвых аб'ектах да рэалізацыі прапаноўвалася бульба, меншая за 28 мм у дыяметры. У кожнай трэцяй краме адсутнічала капуста, а ў шэрагу з іх бульбы па рэгуляваных цэнах не было зусім.
У сваю чаргу Турчын патлумачыў Лукашэнку прычыны сітуацыі. Галоўная з іх - недахоп бульбы ў стабілізацыйных фондах. Паводле інфармацыі прэм'ера, 16 красавіка 2025 года на складах заставалася менш за 4000 тон караняплода. Гэтага не хопіць нават да канца вясны.
- Патрэба ўнутранага рынку на паўтара месяца ацэньваецца ў каля 12 тысяч тон, - адзначыў топ-чыноўнік. - Паводле звестак Мінсельгасхарча на тую ж дату, у наяўнасці 5,7 тыс. тон бульбы, уключаючы запасы ў стабфондах. Гэтага таксама недастаткова для забяспечання ўнутранага рынку да 31 траўня.
«Пралічыліся з аб'ёмамі экспарту і рэшткамі для ўнутранага спажывання»
Чаму бульба заканчваецца на складах? Турчын тлумачыць Лукашэнку: прычына ў павелічэнні экспарту, то-бок вывазу клубняў за мяжу. Гэта адбываецца на фоне розніцы цэн у Беларусі і Расіі. Ва ўсходніх суседзяў бульба каштуе даражэй, і беларускім аграрыям выгадней прадаваць яе на расійскім рынку. Гэта пацвярджае і статыстыка: у 2024 годзе Беларусь выйшла на першае месца сярод пастаўшчыкоў бульбы ў Расію, апярэдзіўшы Егіпет і Кітай.
- На 9 красавіка 2025 года дыспарытэт цэн на бульбу з Расійскай Федэрацыяй склаў 55,9%. На канец 2024-га - 43,1%, - паведаміў прэм'ер-міністр.
Не дапамагае вырашыць праблемц нават уведзенае ўрадам яшчэ ў 2024 годзе ліцэнзаванне экспарту бульбы. Паводле інфармацыі Турчына, нягледзячы на абмежаванні, аб'ёмы вывазу гародніны заставаліся вялікімі.
- Фермерам далі зарабіць, але пралічыліся з аб'ёмамі экспарту і рэшткамі для ўнутранага спажывання, - апраўдваецца прэм'ер у лісце Лукашэнку. - У 2024 годзе экспартавана 285,3 тыс. тон бульбы, або 128,5% да 2023 года. Кошт такой бульбы павялічыўся на 48 працэнтных пунктаў.
На думку старшыні Камітэта дзяржкантролю, у павелічэнні аб'ёмаў экспарту бульбы ў Расію вінаватыя дзяржаўныя органы, якія не заўважылі праблемы на ранніх этапах.
- Паводле звестак Белстата, у студзені - лютым 2025 года на экспарт пастаўлена 33,3 тыс. тон бульбы, - піша Герасімаў. - Незразумелая пазіцыя Мінсельгасхарча і аблвыканкамаў, якімі быў узгоднены вываз харчовай бульбы за межы рэспублікі, а Міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгулявання выдала адпаведныя ліцэнзіі.
На гэтым фоне пачасціліся выпадкі кантрабанды бульбы з Беларусі ў Расію. Турчын апісаў Лукашэнку маштабы праблемы:
- Назіраецца несанкцыянаваны безліцэнзійны вываз бульбы ў Расійскую Федэрацыю. З 26 сакавіка да 15 красавіка 2025 года зафіксаваныя дзевяць выпадкаў агульным аб'ёмам больш за 285 тон. З 6 сакавіка да 15 красавіка 2025 года на межах з Расіяй спыненыя спробы незаконнага вывазу 182,1 тоны бульбы.
У той жа час аб'ёмы ўвозу бульбы з-за мяжы таксама скараціліся «з улікам недастатковасці рэсурсаў у Расійскай Федэрацыі і Казахстане». Турчын адзначыў, што ўсе пастаўкі ў 2025 годзе пайшлі на вытворчасць чыпсаў:
- За першыя два месяцы 2025-га імпартавалі 2,2 тыс. тон (136% да аналагічнага перыяду 2024-га), якія былі ўвезеныя ТАА «Азбука снэкаў» для вытворчасці чыпсаў «Анега».
Рашэнне: абмежаваць экспарт, павялічыць цэны, прадаваць запасы насення
Вырашыць праблему дэфіцыту бульбы ў беларускіх крамах і на складах вытворцаў прэм'ер-міністр прапанаваў з дапамогай узмацнення адміністрацыйнага рэгулявання. У першую чаргу ён лічыць неабходным абмежаваць магчымасці яе вывазу за мяжу.
- Да канца траўня 2025 года не будуць выдавацца ліцэнзіі на экспарт бульбы, - паведаміў ён Лукашэнку.
Наступная прапанова прэм'ер-міністра - павелічэнне цэн на гэтую гародніну.
- З 17 красавіка 2025 года павялічаныя максімальныя адпускныя і рознічныя цэны на бульбу. Дзеянне максімальных цэн падоўжанае да 15 траўня 2025 года. Гэтая мера прынятая для падтрымкі і стымулявання айчынных вытворцаў да рэалізацыі рэшткаў бульбы, - адрапартаваў прэм'ер-міністр.
Пакуль гэтыя меры не падзейнічаюць, унутраны рынак Беларусі, паводле Турчына, будзе забяспечвацца караняплодамі за кошт рэшткаў бульбы ў сховішчах і запасных рэзерваў насення. Згодны з гэтым і старшыня КДК.
- Паводле заявы Мінсельгасхарча, ёсць магчымасць дадаткова рэалізаваць на ўнутраны рынак каля 15 тыс. тон лішкаў насення бульбы, - сцвярджае кіраўнік кантрольнага ведамства.
- Такім чынам, урадам прынятыя ўсе магчымыя меры па стабілізацыі сітуацыі, - адзначыў прэм'ер-міністр і пералічыў тое, што Савет міністраў ужо робіць.
У прыватнасці, паводле яго словаў, пераглядае падыходы да стабфондаў. Так, напрыклад, іх перавядуць у фармат «дзяржзаказу».
- Будуць створаныя ўмовы, пры якіх вытворцу стане выгадна ўключацца ў фармаванне дзяржзаказу, - лічыць прэм'ер.
Ён дадае, што Саўмін рыхтуе праект указа, згодна з якім сельскагаспадарчыя арганізацыі змогуць браць ільготныя крэдыты ў банках (іх падтрымае дзяржава) на закупку насення бульбы, морквы, буракоў, цыбулі і капусты. А нарыхтоўшчыкі змогуць атрымаць ільготныя крэдыты на закупку прадукцыі. Праўда, папярэджвае прэм'ер, для гэтага патрэбнае рашэнне Лукашэнкі.
Акрамя таго, паводле інфармацыі Турчына, «адпрацаваныя падыходы», калі дзяржава зможа кампенсаваць частку выдаткаў захавальнікаў дзяржзаказу і фінансаваць будаўніцтва, рэканструкцыю і мадэрнізацыю агароднінасховішчаў. Паводле задумы, дзяржпадтрымку на конкурснай аснове будзе размяркоўваць Банк развіцця.
- Мяркуем, што прапанаваныя механізмы фармавання дзяржзаказу на плодаагароднінную прадукцыю дазволяць забяспечыць унутраны рынак айчыннай прадукцыяй у міжсезонны перыяд без спекуляцыйных праяваў і з улікам кан'юнктуры на замежных рынках. Просім ухваліць выкладзеныя падыходы. Прапануецца азначанае даручэнне зняць з кантролю, - заключае прэм'ер-міністр.
Аднак КДК заяўляе, што «ўрадам сумесна з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам не выконваюцца даручэнні» Лукашэнкі. Дзяржкантроль прапануе Саўміну «вярнуцца да разгляду прапановаў» КДК ад 31 сакавіка. Яны прадугледжваюць:
- вызначэнне рэальных рэшткаў плодаагародніннай прадукцыі (уключаючы бульбу), прыдатнай для забяспечання гандлёвых арганізацый і бюджэтных установаў;
- замацаванне наяўных рэсурсаў плодаагародніннай прадукцыі за канкрэтнымі спажыўцамі з акрэсліваннем графікаў іх пастаўкі да заканчэння міжсезоннага перыяду;
- забяспечанне штотыднёвага кантролю за выбаркай (пастаўкай) плодаагародніннай прадукцыі на ўнутраны рынак;
- прыняцце неадкладных мер па пакаранні вінаватых асобаў, якія не забяспечваюць выкананне графікаў;
- удасканаленне механізму фармавання і выкарыстання стабфондаў.