У Маладзечанскім раёне трапіў у ДТЗ аўтобус з дзецьмі, паведаміла прэс-служба МУС.
«Аўтобус Volvo перавозіў 49 дзяцей. Каля 12.00 паблізу вёскі Лазавец Маладзечанскага раёна кіроўца не справіўся з кіраваннем, аўтобус занесла. Ён перакуліўся на правы бок», — расказалі ў МУС.
Як піша «Мінская праўда», аўтобус вёз дзяцей з Мінска ў царкоўны лагер у вёску Лазавец.
— Дзеці ва ўзросце ад васьмі да дзесяці гадоў ехалі ў царкоўны лагер. Тыднёвы адпачынак ім арганізавала царква «Новае жыццё». Раптам у 11.56 нам тэлефануе нашая дачка Мілана і кажа, што аўтобус перакуліўся. У трубцы быў чуваць жудасны крык. Дачка сказала, што ёй баліць спіна. Мы з жонкай адразу выехалі з Мінска, — расказаў бацька адной з пасажырак аўтобуса.
Кіроўца аўтобуса Мікалай патлумачыў, што ДТЗ адбылося, калі ён на малой хуткасці аб’язджаў яму.
— Вы самі бачыце, якая тут дарога. Заязджаў у каляіну, якая выглядала цвёрдай, але аказалася сыпкай. Спачатку павяло заднюю частку. Калі аўтобус лёг, колы яшчэ круціліся, — расказаў кіроўца.
Медыкі аказалі дапамогу ўсім, хто меў у ёй патрэбу. Усяго дактары агледзелі і пракансультавалі 50 дзяцей ва ўзросце ад 8 да 11 гадоў. На месцы працавалі 9 брыгад хуткай медыцынскай дапамогі.
Бацькі 20 дзяцей адмовіліся ад дастаўкі ў бальніцу (усе агледжаныя на месцы), 13 дзяцей дастаўленыя ў дзіцячую бальніцу Маладзечна (1 шпіталізаваны з папярэднім дыягназам «удар пазваночніка»), 10 дзяцей дастаўленыя ў 1-ю бальніцу Маладзечна (дапамога аказаная амбулаторна — ніхто не шпіталізаваны), 7 дзяцей дастаўлены ў Вілейскую ЦРБ (усе абслужаныя амбулаторна — без шпіталізацыі), — паведаміла прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун.