На цырымоніі адкрыцця фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Алімп» у Дзяржынску 21 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка сфатаграфаваўся з футбалістамі-ветэранамі на фоне мурала з выявай спартоўцаў. Карыстальнікі сеціва звярнулі ўвагу, што адна з гераінь графіці ім вельмі моцна кагосьці нагадвае.
Як далажыла прэс-служба Лукашэнкі, падчас наведвання Дзяржынска палітык пазнаёміўся з магчымасцямі новага комплексу і зрабіў «сімвалічны першы ўдар па мячы», а потым сфатаграфаваўся з ветэранамі-футбалістамі.
Здымак апублікаваў тэлеграм-канал пула Лукашэнкі. Аднак увагу карыстальнікаў забралі не так палітык і спартоўцы, якія стаялі на пярэднім плане, як мурал, на фоне якога праходзіла здымка.
Аўтар графіці выявіў валейбаліста, футбаліста, лёгкаатлета, тэнісістку і баксёрку. У вобразе апошняй некаторыя карыстальнікі ўбачылі падабенства з лідаркай дэмакратычнай Беларусі Святланай Ціханоўскай.
У ДЮСШ, куды журналістка «Люстэрка» патэлефанавала як жыхарка райцэнтра, запэўнілі, што на мурале «няма ніякай Ціханоўскай».
Нагадаем, ФАК «Алімп» пачалі будаваць у красавіку 2022 года. На работы і абсталяванне комплексу вылучылі 24,3 млн рублёў.