Паводле папярэдніх даследаванняў, шлюб станоўча ўплывае на здароўе як мужчын, так і жанчын. Аднак праца навукоўцаў з Канады выявіла іншую заканамернасць. Паводле іх звестак, сямейнае жыццё па-рознаму ўплывае на сужэнцаў рознага полу. У незамужніх жанчын і разведзеных ці удоваў якасць жыцця таксама неаднолькавая, піша Naked Science.
Сацыяльныя сувязі ўплываюць як на псіхічнае, так і на фізічнае здароўе. Адно з нядаўніх даследаванняў пацвердзіла, што шкода ад адзіноты мацнейшая, чым ад атлусцення ці алкагалізму. Пры гэтым на людзей рознага полу адзін і той жа тып сацыяльнага ўзаемадзеяння можа ўплываць па-рознаму. Напрыклад, бацькоўства негатыўна адбіваецца на сардэчна-сасудзістай сістэме бацькаў, а на арганізм маці ўздзейнічае па-іншаму.
Спецыялісты з Канадскага ўніверсітэта Таронта вывучылі, як шлюб звязаны з імавернасцю, што чалавек будзе старэць «аптымальна», то-бок без сур’ёзных фізічных, кагнітыўных, псіхічных ці эмацыйных станаў, якія перашкаджаюць паўсядзённай дзейнасці, а таксама з высокім узроўнем шчасця. Адпаведны навуковы артыкул апублікаваў часопіс International Social Work.
У даследаванні ўдзельнічаў 7641 жыхар Канады ва ўзросце ад 45 да 85 гадоў. У выбарцы былі і мужчыны, і жанчыны. Рэспандэнты паведамілі пра свой стан здароўя, якасць жыцця, сямейнае становішча, досвед шлюбу, разводу, смерці абранніка. Аказалася, жанатыя мужчыны (незалежна ад таго, да ці падчас даследавання яны ўступілі ў шлюб) з большай імавернасцю старэюць камфортна, чым іх аднагодкі, якія ніколі жанатыя не былі.
«Магчыма, людзі ў шлюбе заахвочваюць адно аднаго прыняць ці падтрымліваць пазітыўныя паводзіны што да здароўя, такіх як адмова ад курэння або рэгулярныя фізічныя практыкаванні», — дапусцілі навукоўцы.
Замужнія жанчыны станам здароўя і якасцю жыцця адрозніваліся ад незамужніх неістотна. Затое тыя, хто ніколі не быў замужам, мелі ў два разы больш шанцаў на «аптымальнае» старэнне, чым рэспандэнткі, якія аўдавелі ці развяліся падчас даследавання.
Станоўча паўплывалі на стан здароўя падчас старэння такія фактары, як рэгулярныя зносіны са сваякамі, сябрамі і суседзямі, здаровае харчаванне, адсутнасць шкодных звычак. Нават у тых, хто раней курыў і кінуў, рызыка цяжкай старасці была ніжэйшая, чым у людзей, якія працягвалі гэта рабіць у перыяд даследавання.
Паводле даследчыкаў, вынікі іх працы падкрэсліваюць, наколькі важна ўсведамляць ўплыў полавых адрозненняў на працэс старэння. Гэта дапаможа распрацаваць эфектыўныя праграмы падтрымкі для пажылых людзей, якія ніколі не былі жанатыя, развяліся ці аўдавелі.