Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці», які, у прыватнасці, уводзіць смяротнае пакаранне для чыноўнікаў за здраду дзяржаве. Пра гэта паведаміла 9 сакавіка прэс-служба палітыка.
«Асноўная мэта дакумента — узмацненне процідзеяння злачынствам экстрэмісцкай (тэрарыстычнай) і антыдзяржаўнай скіраванасці», — падкрэсліла прэс-служба Лукашэнкі.
Законам прадугледжваецца распаўсюджванне крымінальнай адказнасці за здраду дзяржаве, учыненую службовай асобай, на ўсіх асоб, якія займаюць дзяржаўныя пасады. Пры гэтым за здраду дзяржаве, учыненую службовай асобай або вайскоўцам, уводзіцца магчымасць выключнай меры — смяротнага пакарання.
За шэраг злачынстваў антыдзяржаўнай скіраванасці ўводзіцца дадатковае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры да 50 тысяч базавых велічынь (1 850 000 рублёў).
Таксама ўводзіцца крымінальная адказнасць за прапаганду тэрарызму, дыскрэдытацыю Узброеных сіл, іншых войскаў і вайсковых фарміраванняў, ваенізаваных арганізацый і парушэнне патрабаванняў па абароне дзяржаўных сакрэтаў.
З трох да дзесяці сутак павялічваецца тэрмін затрымання асоб, якія падазраюцца ў здрадзе дзяржаве, змове ці іншых дзеяннях з мэтай захопу дзяржаўнай улады, шпіянажы і агентурнай дзейнасці, што неабходна для забяспечання максімальна якаснага правядзення аператыўна-следчых мерапрыемстваў па адпаведных справах.
Адначасова прадугледжваецца вызваленне ад крымінальнай адказнасці асоб, якія ажыццяўлялі падрыхтоўку да нападу на ўстановы, што карыстаюцца міжнароднай абаронай, або да здзяйснення дыверсіі, але якія адмовіліся ад сваіх намераў і аказалі садзейнічанне ў перадухіленні названых злачынстваў.
Таксама ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс уносяцца асобныя папраўкі, абумоўленыя практыкай яго прымянення.