Падаткавікі нагадалі беларусам пра транспартны падатак за 2022 год. Па-першае, яго трэба заплаціць да 15 лістапада гэтага года. Па-другое, па ім раней увялі дадатковыя льготы.
Які дэдлайн па падатку і як вызначаюць стаўкі
Уладальнікам аўтамабіляў трэба заплаціць транспартны падатак за 2022-ы да 15 лістапада гэтага года, адзначаюць у інспекцыі МПЗ Брэсцкай вобласці.
Нагадаем, памер транспартнага падатку будзе залежаць ад дазволенай максімальнай масы (напрыклад, легкавы або грузавы аўтамабіль) і ёмістасці транспартнага сродку (той жа аўтобус). Таксама стаўку могуць вызначаць за адну адзінку транспартнага сродку (напрыклад, прычэп-дача, матацыкл, седлавы цягач).
Якія ёсць льготы па гэтым падатку
Падаткавікі ўдакладняюць, што з 2022 года дадаліся новыя льготы па транспартным падатку. Так, зніжка ў 50% прадугледжаная не толькі для ветэранаў ВАВ, інвалідаў I або II групы і пенсіянераў, але таксама ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаваў і шматдзетных сем’яў.