З 00.01 16 ліпеня Латвія забароніць уезд у краіну легкавым аўтамабілям, зарэгістраваным у Беларусі. Пра гэта паведамляе падатковая служба Латвіі.
З аўторка, 16 ліпеня, з 00.01 зарэгістраваным у Беларусі легкавым аўтамабілям будзе забаронены ўезд у Еўрапейскі саюз праз беларуска-латвійскія і расійска-латвійскія памежныя пераходы. Рашэнне прынятае ў адпаведнасці з новым пакетам санкцый і з мэтай знізіць рызыку абыходу абмежаванняў ЕС, растлумачылі ў падатковай службе Латвіі.
Беларускія легкавікі ў латвійскіх пунктах пропуску будуць разварочваць.
«У выпадку адмовы асобы выконваць указанні мытнага органа, у тым ліку вяртацца ў Беларусь ці Расію, можна будзе прыняць рашэнне пра канфіскацыю транспартнага сродку ў адпаведнасці з нарматыўнымі актамі», — удакладнілі ў падатковай службе.
Канфіскаваныя аўтамабілі плануецца потым прадаваць, а атрыманыя сродкі скіроўваць на падтрымку Украіны.
Забарона на ўезд не будзе распаўсюджвацца на транспартныя сродкі, прызначаныя для выкарыстання дыпламатычнымі і консульскімі прадстаўніцтвамі, уключаючы дэлегацыі, амбасады і прадстаўніцтвы.
Акрамя таго, Мінюст Латвіі прапрацоўва пытанне ўнясення зменаў у заканадаўства, якія забароняць знаходжанне ў краіне аўтамабіляў, зарэгістраваных у Беларусі, і іх транзітны праезд.
«Запланаваныя змены ў нарматыўныя акты запатрабуюць ад уладальнікаў транспартных сродкаў з беларускімі рэгістрацыйнымі нумарамі, якія заехалі на тэрыторыю Латвіі, у пэўны тэрмін перарэгістраваць гэтыя транспартныя сродкі ў Латвійскай Рэспубліцы, а таксама акрэсліць наступствы і адказнасць фізічных асобаў у выпадку невыканання гэтых абавязанняў. <…> Чакаецца, што выкарыстанне зарэгістраваных у Беларусі транспартных сродкаў у дарожным руху не будзе дазволенае нават для транзітнага перасячэння Латвіі», — піша Delfi.
Кіроўцам, якія раней заехалі ў Латвію на легкавых аўто з беларускай рэгістрацыяй, дазволяць вярнуцца на радзіму, калі транспартныя сродкі не былі задэклараваныя «як тавары», а выкарыстоўваюцца толькі для перамяшчэння.