На дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1» у лістападзе мінулага года запусцілі цыкл прапагандысцкіх перадач «Время выбрало нас». Іх вядоўца — кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант — муж прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант. У гэтых перадачах сярод іншага нібы пад капірку транслююць расійскую парадыгму пра вайну ва Украіне і расказваюць, як у Беларусі ў 2020-м хацелі «зладзіць дзяржаўны пераварот». Як высветліла «Люстэрка» з заявак на сайце дзяржзакупак, за сцэнар да гэтай перадачы і некаторыя іншыя працы кіраўнік дзяржтэлеканала атрымаў ганарар. Гэтыя грошы ўзялі з дзяржбюджэту, то-бок фактычна з кішэняў падаткаплацтнікаў.
Колькі заплацілі Эйсманту з дзяржбюджэту за сцэнар?
З 19 лістапада мінулага года Белтэлерадыёкампанія выпусціла 33 прапагандысцкія перадачы пад агульнай назвай «Время выбрало нас». Іх аўтарам і вядоўцам пазначаны кіраўнік гэтага дзяржтэлеканала Іван Эйсмант. Ён па сумяшчальніцтве дэпутат Мінскага гарадскога савета дэпутатаў, давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі на выбарах-2025 і муж прэс-сакратаркі палітыка Наталлі Эйсмант.
Нягледзячы на тое што Іван Эйсмант як кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі атрымлівае там заробак, ён папрасіў грошай за напісанне сцэнараў, вядзенне і агучку перадач «Время выбрало нас». Гэта вынікае з заявак на сайце дзяржзакупак. Так, за сцэнар і ролю вядоўцы ён папрасіў 15 844 рублі. Яго праца па закадравай агучцы перадач каштавала яшчэ 3978 рублёў. Гэтыя грошы для аплаты працы прапагандыста ўзялі з бюджэту краіны. То-бок яму заплацілі падаткаплатнікі.
Пра якія перадачы ідзе гаворка?
Адна з самых свежых перадач прысвечаная ў тым ліку вайне ва Украіне, якую развязала Расія. Яе Іван Эйсмант называе спецыяльнай ваеннай аперацыяй, як гэта робяць расійскія прапагандысты. У прыватнасці, там гаворыцца, што «ўвечары 23 лютага 2022 года прыкладна ў 22.00 Данбас звяртаецца да Расіі па дапамогу ад агрэсіі з боку Украіны».
Іншую перадачу, знятую за грошы падаткаплатнікаў, Эйсмант прысвяціў мірным мітынгам у Беларусі ў 2020 годзе супраць гвалту і фальсіфікацыі выбараў. Аднак у версіі прапагандыста гэта была спроба зрынуць уладу, выкананая паводле заходніх метадычак і праведзеная «пад капірку» з Майдана ў Кіеве. «У разбурэнне і спробу ўзяць пад яго кантроль Беларусь Захад уклаў каласальныя грошы. Польскія журналісты паведамлялі нават пра 6 млрд даляраў», — расказвае ў эфіры муж прэс-сакратаркі Лукашэнкі.
Нагадаем, раней — у сакавіку 2022 года — у эфіры падпарадкаванага яму тэлеканала Іван Эйсмант заяўляў пра гатоўнасць несці адказнасць у выпадку, калі б яго злавілі на непраўдзівых заявах: «Калі б нас так, як CNN, за апошнія нават паўтара года столькі разоў злавілі на адкрытай хлусні, напэўна, трэба было пайсці і ў найлепшым выпадку напісаць заяву, а ў былыя часы застрэліцца».
Іван Эйсмант знаходзіцца пад санкцыямі ЕС. А ў беларускай сістэме пасля гэтага яго прызналі «найлепшым тэлевядоўцам».
Чытайце таксама