З моманту знікнення спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай прайшло больш за два тыдні. Інфармацыі пра тое, дзе цяпер палітык, дагэтуль няма. «Люстэрка» пагаварыла з тымі, хто часта меў зносіны з ёю па працы і ў асабістым жыцці. Якія ў іх версіі таго, што здарылася?
«Была вельмі заматываваная, працавала ў КР»
Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух „За свабоду“» ў Каардынацыйнай радзе Павел Латушка, які і падаў заяву пра знікненне Анжалікі Мельнікавай у польскую паліцыю, лічыць, што знікнуць сама яна наўрад ці магла. Кажа, яму цяжка ўявіць, каб спікерка раптам вырашыла з’ехаць і перастала выходзіць на сувязь.
— Яна была вельмі заматываваная, працавала ў Каардынацыйнай радзе, выконвала свае абавязкі, — расказвае ён. — Вядома, дзейнасць у КР была няпростай і стрэсавай, знаходзіць агульную мову з такой колькасцю людзей розных палітычных поглядаў і фракцый складана. Але нічога такога, што выходзіла б за рамкі звычайнага, не адбывалася.
З іншага боку, нагадвае Латушка, захоўваўся пастаянны ціск з боку беларускіх уладаў на дэлегатаў: крымінальны пераслед, пагрозы сваякам, канфіскацыя маёмасці. І гэта таксама важна ўлічваць падчас ацэнкі варыянтаў таго, што магло адбыцца.
— Спекуляваць на тэму таго, дзе яна цяпер, не хацелася б — лічу важным абапірацца на факты, — кажа Латушка. — Паводле звестак ад польскіх праваахоўнікаў, яна не на тэрыторыі Польшчы і, хутчэй за ўсё, не на тэрыторыі Беларусі.
«Застаецца нейкі адсотак, што яна глядзіць у шэрае брытанскае неба»

Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька з Анжалікай Мельнікавай перасякаўся часцей па працоўных пытаннях. Расказваючы пра спікерку КР, ён прызнаецца: навіну пра яе прызначэнне на гэтую пасаду ўспрыняў хутчэй скептычна. Але неўзабаве, паглядзеўшы на працу, змяніў меркаванне.
— З пункту гледжання працаздольнасці, жадання працаваць і энергетыкі яна пакідала пазітыўныя ўражанні, — адзначае ён.
За апошнія месяцы Анатоль і Анжаліка нярэдка працавалі разам. Напрыклад, рыхтавалі разгляд пакета законапраектаў на паседжаннях Каардынацыйнай рады і арганізоўвалі круглы стол ва Украіне з мясцовымі дэпутатамі з групы «За дэмакратычную Беларусь».
— Цяпер гэтае лега складваецца ў галаве, бо напачатку яна была вельмі актыўная і шмат удзельнічала ў працэсе, — адзначае суразмоўца. — А потым неяк пачала адыходзіць ад падрыхтоўчай працы, спасылалася на хваробу. І папрасіла заняцца гэтым іншых людзей. Цяпер я разумею, што ўжо ў гэты час былі праблемы, але праз перапіску не адчувалася вастрыня сітуацыі. Аргументы пра стан здароўя выглядалі даволі пераканаўчымі.
Што ж магло здарыцца з Мельнікавай? Лябедзька адразу адкідае тэорыю, што яна адпачатку была «праектам спецслужбаў».
— Тады ёй трэба было ісці не ў бізнес, а на падмосткі Купалаўскага тэатра, таму што трэба было б настолькі якасна сыграць заангажаванасць і адкрытасць. Гэта трэба талент, — лічыць палітык.
У версіі, што беларуска магла пакінуць сабе грошы, якія мусілі пайсці на працу КР, суразмоўца таксама сумняваецца.
— Не веру, што яна чакала атрымання гранта і потым з’ехала. Гэта не пра Мельнікаву — маё перакананне, — сцвярджае ён.
На думку Лябедзькі, хутчэй за ўсё, спікерка Каардынацыйнай рады цяпер знаходзіцца ў Беларусі. Пра матывы, якія маглі прывесці яе туды, з яго словаў, можна толькі здагадвацца. Але ён упэўнены: з кожным днём усё менш шанцаў, што Мельнікава сама вернецца ў Польшчу
— Усё менш спадзеваў, што яна нейкім цудам адзавецца з брытанскай глухамані і скажа: «Вось я два тыдні глядзела ў шэрае неба і думала пра сэнс жыцця», — кажа суразмоўца. — Таму я ўсё-такі схіляюся да версіі, што яна ў Беларусі. Якая падаплёка і якая матывацыя? Адказ можа быць розны, магчыма, нейкі чалавечы фактар, дзеці ці бацькі. Мы ж не ведаем шмат пра яе ўласнае жыццё. Магчыма, з’явілася нейкая новая асоба, якая магла быць таксама ключавой у гэтых трагічных падзеях. Проста па-чалавечы хацелася б спадзявацца на лепшае. І пакуль яшчэ застаецца нейкі адсотак, што яна глядзіць у шэрае брытанскае неба і не вяртаецца да жыцця, будзем трымацца за яго абедзвюма рукамі.
«Скрасці 100 000 еўра, каб потым з еўрапейскім грамадзянствам сядзець усё жыццё ў Аргенціне?»

Юрыст Міхаіл Кірылюк — сябра фракцыі «Каманда Латушкі і Рух „За свабоду“», да якой належала і Мельнікава. Як і астатнія спікеры, ён адзначае, што праца для яе была ледзь не на першым месцы.
— Праз некалькі тыдняў пасля таго, як Анжаліка пачала весці агульныя паседжанні КР, яна пайшла на курсы па маўленні. То-бок чалавеку не ўсё роўна, як яе ўспрымаюць. Яна была гатовая вучыцца, — кажа суразмоўца. — Таму паверыць, што ёй нешта прыйшло ў галаву, каб выкінуць у смецце сваю рэпутацыю, якую вельмі доўга выбудоўвала, мне складана. Тым больш што яна заўсёды была ўцягнутая і на сувязі: а сёмай раніцы ці дзясятай вечара магла адказаць на паведамленне.
Таму тэорыю пра тое, што Анжаліка проста ўзяла і з’ехала, Міхаіл лічыць даволі слабай.
— Што мусіла для гэтага здарыцца? Нават калі знайшлі анкалогію, умоўна, усё роўна раскажаш і наймальніку, і калегам, і сябрам, і маме, — упэўнены ён. — Знікнуць вось так можна, толькі калі нехта забараняе выходзіць на сувязь.
У версію, што рэч у грашах, Кірылюк таксама не верыць. І тлумачыць: фінансавых праблем у спікеркі КР не было. Паводле інфармацыі суразмоўцы, жанчына атрымлівала рэгулярныя аліменты на дзяцей ад былога мужа і «не тое каб ёй патрэбныя былі сродкі».
— Скрасці ў Еўропе 100 000 еўра, тым больш так (прычым не факт, што іх наогул скралі, я на 90% упэўнены, што ўсё на рахунках) — вельмі няпроста. Дзеля чаго? Каб потым з еўрапейскім грамадзянствам, якое было ў Анжалікі, сядзець усё жыццё ў Аргенціне ці Зімбабвэ, але з гэтымі грашыма? Ну, яна дакладна не дурніца, каб такое рабіць, — разважае юрыст.
Выснова, якую робіць суразмоўца: хутчэй за ўсё, у знікненні Мельнікавай вінаваты КДБ.
Як лічыць Кірылюк, беларускія ўлады сапраўды могуць быць у гэтым зацікаўленыя.
— У іх ёсць максімальны матыў. Пры ўсім аб’ёме крытыкі ў адрас КР гэта той орган, які на Захадзе ўспрымаюць сур’ёзна, — запэўнівае Міхаіл. — І тое, што яна знікла, на карысць рэжыму Лукашэнкі. Па-першае, можна апаганіць рэпутацыю, абвінаваціўшы ў крадзяжы грошай. Па-другое, выкладваць яе фота нібыта з кабінета ГУБАЗіК, падрываць такім чынам давер людзей адно да аднаго.
У падтрымку версіі, што ў знікненні спікеркі КР замяшаны КДБ, Міхаіл прыводзіць рэакцыю яе былога мужа на ўсё, што адбываецца.
— Нават калі дапусціць, што чалавек ішоў па дарозе, стала кепска — звалілася і памерла, то рэакцыя мужа была б іншай. А не: «Знікла, ну і што». Для мяне такія паводзіны вельмі падобныя да дзеянняў чалавека, у якога ў закладніках былая жонка. Калі б, дапусцім, яна вырашыла пачаць новае жыццё і скінула на яго дваіх дзяцей — ну, адразу б пра гэта расказаў чалавек. І калі б нешта праўда здарылася, таксама інакш паводзіўся б. А так атрымліваецца, што дзеці жылі з ёю, цяпер нейкім чынам апынуліся ў яго, як менавіта — ён не кажа. У мяне цвёрдая ўпэўненасць, што з ім правялі працу кадэбэшнікі.
Здагадак, дзе цяпер знаходзіцца Мельнікава, у суразмоўцы некалькі. Ён лічыць, што Анжаліка можа быць і на тэрыторыі Беларусі, і ў якой-небудзь трэцяй краіне. Але сумневу, што ў яе знікненні вінаваты беларускі КДБ, у Кірылюка няма.
— Магу лёгка ўявіць, умоўна кажучы, як насупраць дзіцячай пляцоўкі спыніўся бус, закінулі туды дзяцей, потым патэлефанавалі: «Твае дзеці і муж выехалі ў Беларусь, ты робіш гэта, тое і тое». У такі шантаж вельмі проста паверыць, — заключае суразмоўца.
Чытайце таксама