Работнікі Веткаўскага спецлясгаса скіравалі 10 красавіка ў Гомельскае вытворчае лесагаспадарчае аб’яднанне (ГВЛГА) скаргу на дзеянні службовых асобаў установы. Паведамляецца, што гендырэктар аб’яднання Ігар Дзягцярык у той жа дзень правёў сустрэчу з прадстаўнікамі працоўнага калектыву — «шчырая размова» доўжылася больш за дзве з паловай гадзіны, заўважыў «Флагшток».
Пра сутнасць свайго звароту спецлясгас не паведаміў, але з тэксту можна зразумець, што прывяло да бунту супраць начальства: нізкі заробак, зламаныя бензапілы і аўтатранспарт.
«Як высветлілася падчас размовы, шэраг пытанняў, узнятых у звароце, быў пацверджаны. Як вынік — адразу ў рамках правядзення сустрэчы кіраўніцтву спецлясгаса былі пастаўленыя канкрэтныя задачы, хоць, як выявілася, усе пытанні маглі быць вырашаныя ўнутры калектыву і не патрабуюць асаблівых высілкаў», — адзначаецца ў паведамленні.
Як гаворыцца ў інфармацыі спецлясгаса, гендырэктар аб’яднання даручыў да канца гэтага тыдня разабрацца з арганізацыяй рамонту транспартных сродкаў Веткаўскага лясніцтва, забяспечыць максімальна аператыўны рамонт бензапілаў, давядзенне да ведама работнікаў пастаўленых планавых заданняў, а «ключавое пытанне — годная заработная плата работнікаў».
На сайце Веткаўскага спецлясгаса пазначаныя заробкі па наяўных вакансіях. Так, вальшчыку лесу абяцаюць 1000−1300 рублёў у залежнасці ад выканання нормы выпрацоўкі, майстру лесу — 900−1100 рублёў, электраманцёру і электразваршчыку — 1200−1300 рублёў.
Пры гэтым тэрмінова патрабуюцца на працу спецыялісты па шасці вакансіях. На самую нізкую аплату працы — усяго ад 700 да 1000 рублёў — шукаюць лесавода.
«Флагшток» адзначае, што для лясной прамысловасці гэта сапраўды нізкія заробкі.