Рыхтавацца да прэзідэнцкіх выбараў Міраслаў Кандрацьеў пачаў з сярэдзіны снежня. Прыкладна ў гэты час адчуў, што 26 студзеня для яго важна выйсці на пратэст. Так і здарылася. Хлопец прыйшоў на плошчу Якуба Коласа і падняў над галавой плакат з надпісам «Лукашэнку ў Гаагу». Акцыя доўжылася каля дзесяці хвілін, пасля чаго яго затрымалі. Чаму вырашыў выйсці на пікет і ці не шкадуе пра свой учынак, Міраслаў расказаў «Люстэрку».
Выбары-2025, як і любая электаральная кампанія пасля прыходу ў 1994 годзе да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, ні сумленныя, ні свабодныя. Падрабязней пра тое, як рэжым дзесяцігоддзямі крадзе галасы беларусаў і беларусак, мы расказалі ў праекце «Без выбару».
«Зразумеў, што не хачу сябе атаясамліваць з імі. Хачу ў нейкай ступені адчуць сябе мужчынам»
Міраславу 21 год, цяпер ён не ў Беларусі. Малады чалавек просіць не паведамляць, у якой краіне ён знаходзіцца. Увесну мінулага года ён скончыў каледж і па размеркаванні пачаў працаваць электраманцёрам на Мінскім механічным заводзе імя Вавілава. Кажа, да восені 2024-га палітыкай асабліва не цікавіўся. Паваротным момантам стала сітуацыя, калі на прадпрыемстве яго «прымусілі ўступіць у прафсаюз».
— Я ж ведаю, хто кіраўнік прафсаюза, якія ў іх ідэалагічныя каштоўнасці. Потым, куды гэтыя грошы (гаворка пра ўнёскі. — Заўв. рэд.) ідуць? — тлумачыць суразмоўца, што яго бянтэжыла ў арганізацыі. — Сёння скажуць уступіць у прафсаюз, а заўтра — на выбарах за Лукашэнку галасаваць. Потым, магчыма, у войска прымусяць пайсці, на вайну ехаць. Прыкладна такія пайшлі думкі. Пасля гэтага ў мяне пачалі фармавацца палітычныя перакананні. Я ўступіў у тэлеграм-чат валанцёрскай ініцыятывы Святланы Ціханоўскай. Хацеў хоць нешта рабіць. Навіны актыўна слухаў, сачыў за парадкам дня.
Міраслаў кажа, што на яго перакананні паўплывалі і іншыя моманты. Напрыклад, той факт, што калегі не адстойвалі сваіх правоў нават у звычайнай сітуацыі: калі ім казалі ўступіць у прафсаюз, яны так і рабілі. А таксама стаў заўважаць, што некаторыя прытрымліваюцца прарасійскіх поглядаў.
— Зразумеў, што не хачу сябе атаясамліваць з імі. Хачу ў нейкай ступені адчуць сябе мужчынам, — тлумачыць ён прычыны свайго рашэння выступіць супраць. — Зразумеў, што трэба выйсці, бо на мне можа вісець кляймо, што я падтрымліваю вайну з Украінай, гэтую агрэсію. Нейкая лагічна складана вытлумачальная смеласць.
Міраслаў кажа, што ў сярэдзіне снежня «адчуў», што хоча выйсці з пікетам у дзень выбараў 26 студзеня. Ці разумеў малады чалавек, што яго затрымаюць і будуць наступствы? Ці баяўся ён?
— Страшна было да таго, як з’явіліся перакананні. Удзельнічаць у галасаванні ў Каардынацыйную раду праз VPN баяўся. Былі думкі, што адразу прыедуць сілавікі, — успамінае Міраслаў. — А потым пачалося… Прафсаюз… Я ніколі не быў у такіх арганізацыях. У тым жа БРСМ. Пачаў глядзець больш інтэрв'ю былых палітычных зняволеных, і страх неяк пачаў праходзіць. Стаў пакідаць каментары на YouTube. Праўда, пад псеўданімам, не хацелася, каб мяне затрымалі раней за час. З’явілася разуменне, што я свабодны чалавек. Хацелася данесці сваю пазіцыю. Успомніў зварот Уладзіміра Зяленскага [да грамадзян Расіі 2022 года]. Ён казаў, што расіяне не выйшлі. Я падумаў: чаму б мне не выйсці? Калі б усе так зрабілі, усё б змянілася. Вырашыў пачаць з сябе.
«Адказаў, што ў навагоднім звароце Зяленскі сказаў „Жыве Беларусь!“, мяне гэта падштурхнула»

У нядзелю, 26 студзеня, на кавалку кардону Міраслаў напісаў «Лукашэнку ў Гаагу» і намаляваў бел-чырвона-белы сцяг. Днём ён паехаў да станцыі метро Якуба Коласа. Стаў ля помніка класіку беларускай літаратуры і падняў плакат над галавой. Кажа, што пасажыры аўтобуса, які праязджаў міма, глядзелі на яго са здзіўленнем.
— Бурнай рэакцыі і нейкай падтрымкі ў людзей я, на жаль, асабліва не бачыў, — адзначае суразмоўца.
Затое хвілін праз дзесяць побач з ім з’явіўся чалавек у цывільным. Хутка паказаў дакументы, але так, што Міраслаў не паспеў разгледзець, з якіх сілавых структур ён быў. Мужчына надзеў на хлопца кайданкі, адвёў яго ў падземны пераход і паставіў тварам да сцяны. Да сілавіка падышоў напарнік — і яны пачалі чакаць транспарт, каб адвезці Міраслава ў РУУС.
— Адзін з іх пачаў пытаць, чаму я выйшаў. Адказаў, што ў навагоднім звароце Зяленскі сказаў «Жыве Беларусь!», мяне гэта падштурхнула, — успамінае малады чалавек. — Яны мне пачалі тлумачыць, што ў кагосьці сваякі жывуць ва Украіне, і ў іх іншая версія таго, што адбываецца, — апісвае сітуацыю Міраслаў. — Казалі: «Хлопец, ты — дэбіл», «Дурань, навошта выйшаў?»
Міраслава даставілі ў Савецкае РУУС Мінска. Усю дарогу ён прастаяў на каленях, тварам у падлогу. Кажа, ужо ля РУУС «нешта надзелі на вочы» і так вялі ў кабінет.
Далей сілавікі цікавіліся, як ён зрабіў плакат, была гэта ягоная ідэя ці нечая іншая.
— Калі ішоў на пікет, я не ведаў, што будзе далей. Сяброў, якім мог даверыцца, у мяне няма. Родным казаць не стаў, інакш яны б мяне адгаварылі. На тэлефоне ў мяне было два акаўнты ў Telegram. Адзін з іх — на віртуальным нумары. З яго напісаў у чат-бот «Вясны». Прасіў, каб, калі што, паведамілі блізкім, што са мной, — расказвае суразмоўца. — За некалькі хвілін да таго як пачаць пікет, ужо з іншага акаўнта (ён на беларускім нумары) зноў напісаў праваабаронцам. Паведаміў, што мяне затрымалі. Вырашыў, калі гэтага не адбудзецца, потым папярэджу. Паведамленне адправіў у звычайнай перапісцы, але, не дачакаўшыся іх адказу, усё адразу выдаліў. Нейкім чынам у міліцыі гэты чат змаглі аднавіць (раней эксперты тлумачылі «Люстэрку», што калі тэлефон адразу ж забралі на экспертызу, то прачытаць толькі што выдаленыя паведамленні можна цягам некалькіх гадзін. — Заўв. рэд.). Прыйшоў нейкі чалавек, зачытаў на камеру, што я перадаў інфармацыю «Вясне», і папрасіў, каб прызнаўся ў гэтым. Я так і зрабіў.
Потым у кабінет увайшоў яшчэ адзін супрацоўнік. Міраслаў лічыць, што гэта быў нехта з ГУБАЗіКа ці КДБ.
— Пачаў у агрэсіўнай форме пытаць: «Навошта выйшаў?» Казаў: «Яшчэ раз усміхнешся — зубы выб’ю». Камусьці з тых, хто мяне сюды прывёз, сказаў: «Шкада, вы яго не да нас даставілі». Думаю, калі б я апынуўся ў ГУБАЗіК, то зазнаў бы нейкае збіццё, але мне пашанцавала. Мяне ніхто не біў, — апісвае сітуацыю малады чалавек. — Яшчэ ён пра мяне нагадаў такую рэч, якую я не чакаў, што ён ведае. Гэта было ў школе (пытанне асабістае, не магу расказваць). Спытаў, што тады здарылася. Напэўна, гэта была нейкая спроба на мяне паўплываць, нібыта яны ўсё ведаюць, каб я нічога не хаваў.
Цікавіўся супрацоўнік і чым затрыманы «мог бы ім быць карысны». Хлопец лічыць, што сілавік хацеў пачуць нешта пра знаёмых Міраслава, якія жывуць за мяжой. Малады чалавек адказаў, што сяброў за мяжой у яго няма.
Размова доўжылася каля 30−40 хвілін. У гэты перыяд дома ў Міраслава праходзіў ператрус. Хлопец кажа, што там нічога не знайшлі. Затое ў ягоным тэлефоне ўбачылі падпіскі на тэлеграм-каналы, якія ўлады адносяць да «экстрэмісцкіх». Чаму ён не пачысціў прыладу, разумеючы, што, хутчэй за ўсё, яго затрымаюць?
— У мяне быў эфект, што я не буду іх баяцца і хавацца. Такая мая пазіцыя. Тое, што ёсць, не буду хаваць, — заявіў суразмоўца.
Наступныя некалькі гадзін у РУУС Міраслаў правёў у гутарках з супрацоўнікам міліцыі.
— Ён казаў, што я паставіў крыж на сваёй кар’еры ў Беларусі і што мяне звольняць з працы, — успамінае суразмоўца. — Казаў, што, хутчэй за ўсё, будзе распачатая крымінальная справа, дадуць «хатнюю хімію», і выйду я, калі стане цёпла. Раіў на будучыню гаварыць толькі праўду. Тлумачыў, што ў іх супрацоўнікі мала спяць, ім няма калі такімі рэчамі (гаворка пра справу Міраслава. — Заўв. рэд.) займацца.
«Думаю, мне проста далі шанец»

Увечары Міраслава адвезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. Там ён прабыў адны суткі. У трохмеснай камеры іх было дзесяць чалавек, святло там не выключалі. Сядзелі з ім не толькі палітычныя.
— Асабліва прэсінгу не было. Адзінае, не выдавалі лыжкі, таму кашу бралі хлебам, — успамінае ён.
На наступны дзень быў суд. Працэс праходзіў анлайн. Судзілі яго па ч. 1 арт. 24.23 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў). У пастанове, якую ён перадаў рэдакцыі, гаворыцца, што ён правёў «пікетаванне без адпаведнага дазволу Мінгарвыканкама». Маладому чалавеку далі 15 сутак.
— Характэрна, што на судзе я выразна сказаў, што не прызнаю віны, але ў пратаколе ў мяне напісана інакш, — адзначае суразмоўца.
Пасля суда хлопца перавялі ў ЦІП. Тут ён паспеў пабываць у дзвюх камерах. У першай былі не толькі палітычныя. Былі нават тыя, каго вазілі на працу.
— Камера, здаецца, была чатырохмесная, там сядзела ў розны час сем-дзесяць чалавек, то-бок цалкам камфортна. Пакой даволі вялікі, месца хапала. Стаяў стол, лаўкі. Былі часопісы, кнігі, крыжаванкі, хлеб, — апісвае ўмовы Міраслаў. — Мужчыны расказвалі, што напярэдадні выбараў іх звадзілі ў душ, хоць даўно такога не было. Вось такі падарунак.
Умовы ў другой камеры, дзе былі адны палітычныя, былі горшыя. Супрацоўнікі ЦІП паміж сабой называлі яе «кантрольная». У двухмесным памяшканні сабралі 15 чалавек. Тут моцна грэлі батарэі, таму было вельмі горача.
— Мужчына ва ўзросце казаў, што проста задыхаецца, — успамінае суразмоўца. — Мы прасілі вентыляцыю ўключыць. У папярэдняй камеры яна працавала, і акно адчынялася, атрымлівалася праверыць.
Паводле яго, у асноўным усе палітычныя, каго ён сустракаў, сядзелі за падпіскі. Быў чалавек, якога забралі за аватарку на Facebook, і мужчына, арыштаваны за гірлянду.
— Ён расказваў, што яна не была бел-чырвона-белая. Акрамя шарыкаў гэтых колераў там былі і іншыя. Нават чырвона-зялёныя. Два гады яна ў яго вісела, — пераказвае тую размову малады чалавек. — У дзень выбараў да яго прыйшлі сябры, яны накрылі стол і яе ўключылі. А насупраць дома, дзе жыве гэты чалавек, — выканкам, там участак для галасавання. Хтосьці адтуль патэлефанаваў у міліцыю, прыйшлі супрацоўнікі, і гаспадара затрымалі.
Сядзеў з імі ў камеры і мужчына, якога забралі з «Марафону адзінства». У ЦІП ён сядзеў у майцы з лагатыпам мерапрыемства. Быў блогерам.
— Кажа, здымаў на мерапрыемстве. Там шмат хто гэта рабіў, але менавіта да яго падышлі супрацоўнікі, папрасілі тэлефон і гадзіну ў ім капаліся, — распавядае Міраслаў. — Знайшлі нейкія артыкулы з «экстрэмісцкіх» сайтаў і адправілі на суткі. Ён быў у шоку, бо праўладны, а яго ўзялі.
Паводле Міраслава, пакуль ён знаходзіўся ў ЦІП, да іх прыходзілі супрацоўнікі ізалятара і прапаноўвалі патэлефанаваць родным, папрасіць заплаціць за знаходжанне на Акрэсціна.
— Падчас званка сваякам нельга было казаць, як самаадчуванне, — успамінае ён і адзначае, што меддапамогі «абсалютна не было». — У мяне моцна апухла нага. Відаць, клапы пакусалі. Яны былі ва ўсіх маіх камерах. У чалавека, які сядзеў са мной, была падагра, і таксама апухла нага. Яны давалі парацэтамол ці нешта такога плану.
Нягледзячы на размовы супрацоўніка РУУС пра магчымую «крыміналку», за час у ЦІП і ІЧУ ніхто са следчых да Міраслава не прыходзіў. Пасля таго як скончыліся 15 сутак, яго адпусцілі. Кажа, у тую раніцу яго не кармілі. Каля 8.00 яго з камеры спусцілі на першы паверх і ў 15.30 дазволілі сысці.
— Думаю, мне проста далі шанец, — разважае малады чалавек пра тое, чаму яго ўсё ж адпусцілі. — Ці, магчыма, яны чакалі аплаты за харчаванне і пражыванне ў ЦІП. Гэта, па-мойму, 250 рублёў. Я разумеў, што ў любы момант мяне могуць арыштаваць, таму на наступную раніцу з’ехаў з краіны.
Чытайце таксама