Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. СК ужо пагражае будучым удзельнікам замежных акцый да Дня Волі і паведамляе пра ператрусы па мітынгах 26 студзеня
  2. Дожди и даже мокрый снег! Рассказываем, чего ждать от погоды на следующей неделе
  3. Беларусы раскупили уже три «Минск-арены» на концерт этих артистов, на очереди четвертая. Но с группой есть большой нюанс
  4. «Угрожают тюрьмой и преследованием». Стрижак рассказал о новой тактике силовиков, чтобы добраться до уехавших, — кто под угрозой
  5. Большая жесткая кровать и сало. Расспросили экс-чиновника о райдере Лукашенко в зарубежных поездках
  6. «Беларусскую зарплату я вспоминаю как кошмар». Педиатр ответила министру по поводу его громкого заявления о заработках медиков
  7. ISW: Кремль хочет затянуть и подорвать переговоры о мире
  8. Неизвестные обратились к «Зеркалу», чтобы продвинуть выгодный пропаганде фейк. Но не учли несколько простых деталей — рассказываем
  9. У МУС Беларусі пракаментавалі навіну пра збіццё расійскага стэндапера
  10. К чему привело тайное размещение ядерного оружия в другой стране: рассказываем, как самолет ВВС США сбросил атомную бомбу на Канаду
Читать по-русски


Инна Зайцева /

Улады і прапаганда ўжо каторы год спрабуюць пераканаць беларусаў, што за мяжой яны нікому не патрэбныя. Чарговай такой спробай стаў фільм Белтэлерадыёкампаніі «Пад чужым небам», у якім эмігранты расказваюць пра складанасці ў Еўропе. Прапагандысты знялі яго падманам, героі стужкі не ведалі, каму расказвалі пра свае беды і як іх словы будуць інтэрпрэтаваныя. Вядома, жыццё за мяжой поўнае цяжкасцяў, якія могуць заганяць у адчай і тугу. Але не варта паддавацца гэтым эмоцыям, лічыць Іна Зайцава. У сваёй калонцы для «Люстэрка» яна звярнулася да беларусаў, якім цяжка ўдалечыні ад Беларусі.

Инна Зайцева. Фото: личный архив

Іна Зайцава

Менеджарка-эканамістка, псіхолаг у сферы сямейных адносін

Скончыла Міжнародны інстытут кіравання і прадпрымальніцтва і Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. Вядомая як «БЧБ-нявеста» дзякуючы вясельнай сукенцы з чырвонай паласой, якую яна надзявала на пратэсты. Цяпер з дзецьмі жыве ў Швейцарыі.

«Непрыемнасці і выклікі ёсць усюды»

У эміграцыі складана. Гэта безумоўна. Лёс кідае выклікі, да якіх мы аказаліся не гатовыя. У нас было мінулае жыццё, напоўненае месцамі і людзьмі, з ім давялося расстацца. Я пакінула там уяўленні пра сябе, сацыяльныя ролі: блогерка, апазіцыянерка, рэвалюцыянерка і астатнія. Усё гэта давялося выбудоўваць нанова.

Мы не былі гатовыя, што ва Украіне развяжуць вайну, праз што і так не вельмі высокая рэпутацыя нашай краіны пагоршыцца. Да гэтага мы шмат у чым паднялі яе самі, сваім мірным пратэстам. Але потым беларускія ўлады сталі памагатымі Расіі ў бруднай вайне. І мы сутыкнуліся з яшчэ большай колькасцю выпрабаванняў.

То-бок чаму нашае жыццё ў эміграцыі няпростае? Ды ў тым ліку праз аднаго вусатага таварыша. І гаворка не толькі пра вайну, у якую ён уцягнуў краіну. Гэта і нашыя абсалютна бескарысныя дыпломы, якія нікім не прызнаныя, і няведанне замежных моваў.

Таму неразумна адмаўляць — нам ого-го-го як цяжка. Але дакладна такі ж фільм можна зняць і ў Беларусі. Паехаць па вёсках — крыкаў пра дапамогу там будзе на парадак больш. Проста ніхто гэтага не робіць. Так што праблемы і складанасці ёсць і ўнутры, непрыемнасці і выклікі ёсць усюды. Гэта жыццё. І ў няпростай сітуацыі нам на руку, што беларусы ўмеюць цярпець.

Калі вам цяжка і складана, паспрабуйце не зацыклівацца на праблемах, а сканцэнтравацца на тым, што можна зрабіць. Няма магчымасці рэалізавацца ў краіне, у якой знаходзіцеся? Я б не стала біцца галавой аб сценку. Так было ва Украіне, калі мне з сям’ёй не падоўжылі дакументы проста таму, што беларусы (Іна разам з мужам і дзецьміз’ехала з Украіны ў ліпені 2022 года, калі ёй не падоўжылі ВНЖ. — Заўв. рэд.). Мы не сталі ўгаворваць міграцыйныя службы. Вам не патрэбныя крэатыўныя і разумныя людзі? Такое ўжо чулі.

Мы выправіліся ў краіну, дзе патрэбныя, — паверце, такія ёсць. Я прыехала ў Швейцарыю, не адчуваючы сябе нейкай вельмі важнай птушкай, якой усе павінныя. Бралася за любую працу. Пачынала з прыборкі. Цяпер мяне занесла ў лагістыку.

Рашэнне не зацыклівацца прывяло да таго, што я адаптавалася, хоць краіна не самая лёгкая для гэтага. Тут нямецкая мова і вельмі кансерватыўнае грамадства. Але мы ўсе намаганні і ўвагу кінулі на тое, каб вывучыць мову. І цяпер можам сябе ўтрымліваць.

У мяне ёсць шмат знаёмых, якім таксама ніхто не дапамагаў, і цяпер у іх усё добра. Хтосьці вывучыў у Польшчы бухгалтарскі ўлік, хтосьці адкрыў свой бізнес, хтосьці на заводзе кар’еру пабудаваў. Гэтыя беларусы, відаць, нават чытаць мой тэкст не будуць — ім проста няма калі.

«Няма больш таго месца, якое вы маглі б назваць домам»

Я ўсведамляю, што так складваецца не ва ўсіх, вы маглі быць у дэпрэсіўным стане, мець патрэбу ў дапамозе. Разумею, таксама там была. Магчыма, вы адчуваеце расчараванне. З’ехалі з роднай Беларусі, дзяржава ад вас адвярнулася, прыехалі туды, дзе цяжкасцяў аказалася больш, чым разлічвалі. Гэтае расчараванне мне вельмі добра зразумелае. Але вы зрабілі важны крок, наважыўшыся на эміграцыю, і цяпер трэба падтрымліваць сябе, каб не паддацца адчаю. Скіроўваць усе сілы на інтэграцыю, спрабуючы зрабіць усё, што ад вас залежыць.

Вядома, не заўсёды намаганні асуджаныя на поспех. Бывае, што не атрымліваецца: кватэры не здаюць, праца не знаходзіцца, бізнес прагарае. Часам так хочацца паддацца роспачы і сказаць: «Дастала! Хачу дадому». Адчай у эміграцыі — самае страшнае. І я таксама яго часам адчуваю, здаецца, што наогул нічога не атрымліваецца. Але цяпер у нас няма дарогі назад.

Паверце, мае харошыя, няма больш таго дома, які мы памятаем. Нас так зазываюць у Беларусь, але там ужо баль на касцях. Улады перасаджалі людзей, увязаліся ў жудасную кровапралітную вайну супраць Украіны, а цяпер вельмі хочуць, каб мы прыехалі назад, пакаяліся і зноў зараблялі для іх хоць нейкія грошы.

Гэта зачыненыя дзверы. І гэта нам дапаможа. Я гляджу на ўкраінцаў, у якіх вялікія праблемы з адаптацыяй, бо іх дзверы адчыненыя. У іх ёсць адчуванне, што вось-вось вернуцца дадому (як у нас было ў першыя гады). Таму і не прыкладаюць намаганняў да інтэграцыі, не шукаюць працу, не маюць матывацыі. І ў выніку не жывуць ні там, ні тут.

А мы ведаем, што вяртацца няма куды. Гэта вельмі балюча. Самае галоўнае — не тануць у гэтым болі, а паспрабаваць устаць раніцай у добрым настроі. Простая, але вельмі важная задача. Толькі ў добрым настроі вы пазнаёміцеся з патрэбнымі людзьмі, якія прывядуць вас да новых кантактаў або ідэй, дапамогуць з пошукам кватэры ці яшчэ з чымсьці. З добрым настроем вы зможаце быць працаздольным, а значыць, зарабіць больш грошай.

Так, так здарылася. Але значыць, трэба ўгрызціся ў асфальт і арганізаваць сабе дом тут. Абавязкова знайсці сяброў, мясцовых і беларусаў. Людзей, з якімі можна выпіць кавы, якія скажуць: «Мы з табой». Гэта вельмі каштоўны рэсурс. Не забывайце, што мы не адны, нас шмат. Калі зусім не ўдаецца трымацца, знайдзіце псіхолага, псіхатэрапеўта, прайдзіце неабходнае лячэнне.

Мы ўсе змагаемся, і ўсё атрымаецца. Галоўнае — не падаць духам, а проста кожны дзень упарта ісці да мэты.

Ва ўсіх, каму цяжка, я бачу сябе і вельмі суперажываю. Сама ў такой жа сітуацыі, як і тысячы беларусаў, якія прыкладаюць вельмі шмат намаганняў, каб вярнуць свой узровень жыцця і дастатак. Дакладна ведаю, ніхто не зробіць гэта за нас. То-бок вам усё падкажуць, хтосьці дасць грошай, але ісці і вырашаць праблемы трэба самім. І тады ўсё будзе добра.

Але «добра» ў маім разуменні — гэта ўжо калі ты можаш аплаціць жыллё і ежу. Калі мы апусцім планку чакання да гэтага ўзроўню, усё робіцца прасцейшым. «Кепска» — гэта калі вы жывяце на вуліцы і няма чаго есці. Усё астатняе — добра.

У мяне, напрыклад, усё добра. Праблемы або адбываюцца — і тады ты вырашаеш, што рабіць, — або не адбываюцца, і не трэба іх прыдумляць. У мяне ёсць жыллё, ежа, дзеці са мной. Увогуле, я перастала чакаць ад жыцця чагосьці неймавернага, і мне стала добра. Спадзяюся, у вас будзе гэтаксама.

Меркаванне аўтаркі можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.