Краіны Балтыі і Польшча ў чацвер, 15 снежня, заблакавалі прыняцце новага пакета санкцый супраць Расіі праз прапанаваныя некаторымі дзяржавамі выключэнні для экспарту збожжа і ўгнаенняў, заявіў журналістам міністр замежных справаў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс, перадае агенцтва BNS.
Паводле яго словаў, выключэнні могуць стварыць магчымасці для абыходу санкцый.
«Паўгадзіны таму Літва і Польшча спынілі прыём пакета, і не выключана, што абмеркаванне пяройдзе ў Савет Еўропы, — заявіў Ландсбергіс. — Калі б была створаная палітычная шчыліна такога маштабу, якую ўхвалілі б усе краіны ЕС, я думаю, што яна была б выкарыстаная не толькі для вырашэння гэтых канкрэтных пытанняў, але і, магчыма, нават для большага абыходу санкцый».
Кіраўнік МЗС Літвы ўдакладніў, што Літва і Польшча спынілі прыняцце дзявятага пакета, гэтую пазіцыю падтрымліваюць і іншыя краіны Балтыі.
Раней выданне Financial Times паведаміла, што Германія, Францыя і Нідэрланды прапанавалі выключэнні з санкцый.
У дакуменце пра выключэнні гаворыцца, што грузы цяпер затрымліваюцца ў еўрапейскіх партах даўжэй, чым неабходна, таму што кампаніі асцерагаюцца заключэння ўгодаў з расійскімі кампаніямі, якія належаць падсанкцыйным асобам, што можа прывесці да парушэння ланцужкоў паставак угнаенняў і прадуктаў харчавання.
«Паводле нашых ацэнак, тыя выключэнні, якія прадугледжаныя, на самай справе істотна зніжаюць значэнне дзявятага пакета», — заявіў у сувязі з гэтым Ландсбергіс.
Паводле міністра, першапачаткова выключэнні былі прапанаваныя для 1,5 тысячы расійскіх прыватных асоб і кампаній, але пазней спіс быў скарочаны.
«Першапачаткова гэта быў спіс з 1,5 тысячы фізічных асоб і кампаній, цяпер ён звузіўся да некалькіх, для якіх будуць вызваляцца прыватныя сродкі, калі дзяржавы вызначаць сувязі паміж гэтымі сродкамі і харчовай бяспекай. Цяжка сказаць, як менавіта прыватныя сродкі алігархаў звязаныя з харчовай бяспекай, мы ўздымалі гэтае пытанне», — сказаў кіраўнік МЗС Літвы.
Праект быў вернуты на дапрацоўку на ўзровень амбасадараў краін Еўрасаюза. Кіраўнік Еўрасавета Шарль Мішэль заявіў, што новая пастанова чакаецца да канца дня 15 снежня.