Грэцкі парламент 15 лютага ўхваліў законапраект, які дае аднаполым парам права браць шлюб і ўсынаўляць дзяцей, паведамляе Reuters. Такім чынам, Грэцыя стала першай краінай з большасцю праваслаўнага насельніцтва, дзе дазволілі такія шлюбы.
Законапраект ухвалілі 176 з 300 дэпутатаў грэцкага парламента. Ён дазваляе аднаполым парам браць шлюб і ўсынаўляць дзяцей. Аднак ЛГБТ-пары ўсё яшчэ будуць абмежаваныя ў выкарыстанні дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій, уключаючы сурагатнае мацярынства.
Грэцыя — першая праваслаўная краіна, якая дазволіла аднаполыя шлюбы.
Прэм’ер-міністр Грэцыі Кірыякас Міцатакіс назваў прыняцце законапраекта «важнай вяхой, якая адлюстроўвае сучасную Грэцыю — прагрэсіўную і дэмакратычную краіну, прыхільную еўрапейскім каштоўнасцям».
Гэтай падзеі папярэднічала дзесяцігадовая кампанія грэцкай ЛГБТ-супольнасці за шлюбную роўнасць у краіне, якой уласцівы сацыяльны кансерватызм. Так, у 2015 годзе Грэцыя дазволіла аднаполым парам уступаць у грамадзянскае партнёрства, у 2017 годзе афіцыйна прызнала гендарную ідэнтычнасць, а ў 2022-м забараніла канверсійную тэрапію для няпоўнагадовых, скіраваную на гвалтоўнае змяненне сэксуальнай арыентацыі ці гендарнай ідэнтычнасці.
Тым не менш нядаўнія апытанні грамадскай думкі паказваюць, што меркаванні грэкаў наконт гэтага пытання падзяліліся. У прыватнасці, праваслаўная царква, якая адыгрывае важную ролю ў Грэцыі, рашуча выступае супраць аднаполых шлюбаў.
Чытайце таксама