«Чарга, каб звольніцца». Дзяўчына расказала пра ўмовы працы і заробак у краме Mark Formelle (спыталі пра гэта ў кампаніі)
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Мінчанка расказала ў TikTok пра свой досвед працы ў адной з мінскіх крамаў Mark Formelle. Паводле яе, яна прапрацавала каля сямі месяцаў прадавачкай-кансультанткай, але ёй давялося выконваць і іншыя абавязкі. Заробак супрацоўніцы не перавышаў 1000 рублёў, і яна вырашыла звольніцца, але з гэтым узніклі цяжкасці. Журналіст «Люстэрка» праверыў, колькі людзей патрабуецца ў крамы вытворцы і колькі ім абяцаюць плаціць, а таксама патэлефанаваў у кадравую службу гандлёвага пункта і даведаўся, якія ўмовы трэба выканаць, каб атрымаць зарплатную «столь».

Флагманский магазин Mark Formelle. Фото: Myfin.by
Флагманская крама Mark Formelle. Фота: Myfin.by

Беларуска расказала ў TikTok, што па працоўным кантракце ўладкавалася ў адну са сталічных крамаў Mark Formelle, яна працавала з верасня да красавіка, то-бок каля сямі месяцаў. Яе аформілі прадаўцом-кансультантам, але насамрэч яна працавала таксама касіркай, дапамагала кладаўшчыку, прыбірала склад. За дадатковую працу ёй не даплачвалі, але спачатку гэта «не напружвала», бо яна любіць актыўную працу.

Калі дзяўчына атрымала заробак, меншы за 1000 рублёў, яна палічыла, што гэта проста няўдалы месяц, «непрадажны». Ціктокерка адзначыла, што сума залежала ад выканання плана, але з гэтым узнікалі цяжкасці. Зрэшты, і крама была немаленькай. Але потым супрацоўніцу такая зарплата задавальняць перастала, бо яна чакала большай сумы за выкананы аб’ём работ.

— У лютым я сказала, што хачу звольніцца. Загадчыца адказала, маўляў, добра, але трэба чакаць замены, — патлумачыла блогерка. — Я стала першая ў чарзе на звальненне, пасля мяне падышлі яшчэ тры чалавекі.

Watch on TikTok

Дзяўчына напісала заяву і думала, што чакаць замены давядзецца прыкладна месяц. За гэты час яна збіралася падабраць сабе новую працу. Аднак першай звольнілі не ціктокерку, а яе іншагароднюю калегу (у той былі нейкія праблемы з кватэрай).

— Было крыўдна, што мяне нават ніхто не спытаў, ці хачу і ці магу я яе прапусціць перад сабой. Бо замена шукалася вельмі доўга. Праз месяц прыйшла толькі адна дзяўчына, яна мусіла стаць маёй заменай.

Другой звольнілі жанчыну, якая была апошняй у чарзе, «бо яна зладзіла скандал», каб яе адпусцілі.

— Замена прыходзіла вельмі доўга, ніхто не хацеў туды ісці працаваць. Смешна тое, што нам увесь час казалі, што незаменных няма і ледзь не чэргі стаяць на нашыя месцы.

Загадчыца крамы абяцала, што дзяўчыну вось-вось звольняць, максімум ёй засталося працаваць тыдзень. Але калі да заканчэння тыдня заставаўся адзін дзень, кіраўніца падышла да супрацоўніцы і паведаміла, што рэгіянальны менеджар не падпісаў яе заяву на звальненне.

— Тады мяне вельмі моцна бамбанула, я зладзіла скандал, сказала, што буду пісаць зварот самаму галоўнаму менеджару. Пасля гэтага мяне звольнілі, — успамінае дзяўчына. — Тое, што там робіцца, — гэта такая непавага, нас за людзей не лічылі. Я хацела б знайсці нейкія плюсы ў гэтай працы, адзінае — у нашай краме быў добры калектыў, амаль з усімі я ладзіла.

У каментарах пад відэа людзі дзяліліся сваім досведам працы ў гандлі, большасць карыстальнікаў была салідарная з блогеркай. У каментарах таксама тэгнулі старонку ў TikTok Mark Formelle, чакаючы, што вытворца адкажа на непахвальны водгук, але з таго часу прайшло дзесяць дзён, а адказу дагэтуль няма. А вось некалькі водгукаў, якія людзі пакідалі ў каментарах:

  • «Я ў „Контэ“ год прапрацавала, прасілі і прасілі застацца яшчэ на пару тыдняў праз недахоп персаналу. І сказалі: „Потым назад не возьмем, можаш не прыходзіць“».
  • «Як табе ўдалося звольніцца? Мне ўжо тры месяцы шукаюць замену. Я сама на кантракце, шукаю сабе замену, у Mark Formelle у Мінску, сказалі, што не звольняць, пакуль не знайду чалавека на сваё месца».
  • «Прывітанне з Гомельскай вобласці! Не звальняюць і кажуць, што працуеце да канца кантракта. Зарплата — 600 рублёў за месяц. Горшага месца не прыдумаеш проста, такая велізарная сетка, а людзі капейкі атрымліваюць».
  • «Раней была чарга, каб уладкавацца на працу, а цяпер чарга, каб звольніцца. Дажылі. Значыць, нешта ў гэтым жыцці не так».
  • «У Green тое самае, там нават не шукаюць замены. Калі хочаш звольніцца раней за заканчэнне кантракта, то створаць умовы для таго, каб звольніць па артыкуле альбо зарплату зразаюць да канца адпрацоўкі».
  • «Працую ў Mark Formelle восем гадоў. І скажу адно: у камерцыйнай структуры трэба працаваць, каб атрымаць годны заробак. Тут самаакупнасць. А вы сказалі пра сябе не ўсю праўду».
  • «Вось таму, каб такіх неспадзяванак не было, я амаль чатыры гады працую выключна па дамове падраду, працоўная кніжка пры мне».
  • «Тое самае ў маленькіх „Еўраоптах“ — уладкоўваешся касірам і плюс да гэтага выконваеш працу прыбіральшчыка, грузчыка, прадаўца, і ніхто за гэта не даплачвае,

    улічваючы, што табелююць 11 гадзін, а па факце працуеш 14. Заробак — капейкі, ледзь дацягнула год».

  • «Не звальняюць — проста выконваеш толькі свае абавязкі, не больш. Прыход-сыход хвіліна ў хвіліну, ніякіх прыборак, перапрацовак».

  • «Звальнялася пасля перападрыхтоўкі. У выніку на мяне павесілі суму за недастачу большую, чым на адмінаў, і падчас звальнення атрымала заробак 50 рублёў».

  • «Цяпер у гандлі ўсюды такое, куды ні ідзі. Лепш наогул не ісці, я сышла з гандлю і не магу нарадавацца ўжо год як».

  • «У першы ж месяц працы мне паставілі графік 3/1. У першую тройку я ішла дадому 40 хвілін замест звычайных дзесяці і плакала ад болю ў целе».

  • «Дык усе ж маўчаць пра рабаўладальніцтва. Зарплата ў раёне 1000 рублёў на сённяшні дзень — гэта пыл, а нагрузка па працы як за больш чым 3000 рублёў».

  • «Сфера абслугоўвання — яна такая. Пакупнікі нас наогул за людзей не лічаць, ну гэта ладна, але крыўдна за тое, што і кіраўніцтва ніколі не стане на бок супрацоўніка».

Каго шукаюць і якія зарплаты прапануюць у крамах Mark Formelle

Паводле звестак на 30 траўня, у крамы Mark Formelle ў Беларусі шукалі шэсць загадчыкаў крамаў на заробак ад 900 рублёў «чыстымі». Больш за ўсё абяцаюць плаціць у Мінску — ад 1500 рублёў. Таксама адкрытыя 88 вакансій для прадаўцоў-кансультантаў і іх памочнікаў — як на поўны дзень, так і на няпоўную занятасць. Мінімум заплацяць на падпрацоўцы ў краме ў Жабінцы — на рукі 350−450 рублёў, максімум у Мінску — «чыстымі» да 1560 рублёў.

Карэспандэнт «Люстэрка» як фізасоба патэлефанаваў па адной з вакансій — у краму Mark Formelle на рынку «Экспабел» патрабуецца прадавец-кансультант, зарплата будзе да 1450 рублёў на рукі. Пры гэтым досвед працы не патрэбны, а працаваць давядзецца на поўную стаўку па гнуткім графіку.

— Выпрабавальны тэрмін — адзін месяц, калі не спадабаецца, то можна будзе звольніцца. Але і потым пры жаданні звольніцца ніхто не трымае. Што да заробку, то максімальны можна атрымаць пры выкананні пастаўленага плана, — паведаміла кадравая супрацоўніца.

Жанчына не змагла сказаць, ці выконвае гандлёвы пункт план па продажах, маўляў, пра гэта трэба пытаць у загадчыцы крамы, па тэлефоне з ёй пагаварыць не атрымаецца, лепш адразу прыйсці ў краму на сумоўе. Афармляюць супрацоўніка па працоўным кантракце, гарантуюць аплату бальнічных і адпачынкаў. Таксама высветлілася, што пэўная цякучка кадраў у іх ёсць, як і ва ўсёй сеткі. А што да водгукаў пра працу былых супрацоўнікаў крамаў, то, на думку суразмоўніцы, «такі негатыў пакідае толькі моладзь».

Чытайце таксама