Восем краін, уключаючы Украіну, далучыліся да санкцый ЕС супраць Беларусі
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Восем краін, якія не ўваходзяць у Еўрасаюз, падтрымалі нядаўнія санкцыі ЕС у дачыненні да афіцыйнага Мінска. Пра гэта заявілі 14 студзеня ў Радзе ЕС.

Изображение используется в качестве иллюстрации. Фото: pixabay.com
Выява выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: pixabay.com

Да абмежаванняў далучыліся Албанія, Боснія і Герцагавіна, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Чарнагорыя, Паўночная Македонія, Нарвегія і Украіна. Паведамляецца, што яны забяспечаць «адпаведнасць сваёй нацыянальнай палітыкі» санкцыйнаму рэжыму ў дачыненні да афіцыйнага Мінска.

У сваю чаргу ЕС «прымае да ведама гэтае абавязанне і вітае яго».

Нагадаем, Еўрасаюз 16 снежня 2024 года увёў санкцыі ў дачыненні да 26 чалавек і дзвюх кампаній з Беларусі «ў сувязі з сітуацыяй у краіне».

У спіс трапілі суддзі, якія выносілі палітычна матываваныя прысуды, кіраўнікі некалькіх папраўчых установаў (калоніі № 13 у Глыбокім, калоніі № 9 у Горках, СІЗА № 1 у Мінску) і іх намеснікі, кіраўнік медчасткі турмы № 1 у Гародні. Таксама пад санкцыі трапіў старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Аляксей Швакаў.

Таксама ў пераліку асобы, «якія, будучы ўладальнікамі бізнесу, суўладальнікамі, партнёрамі ці чальцамі радаў дырэктараў, здабывалі выгаду ад рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку праз прывілеі ці перавагі, дадзеныя іх кампаніям рэжымам, і спрыялі абыходу санкцый ЕС».

У ліку такіх бізнесоўцаў — Ігар Субоцін, Андрэй Свірыдаў, новы гендырэктар «Беларуськалія» Андрэй Рыбакоў.

Дзве кампаніі, у дачыненні да якіх увялі абмежаванні, — гэта ТАА «Влате Логистик» (лагістычны аператар, які валодае транспартна-лагістычнымі цэнтрамі «Брузгі» і «Бераставіца» на мяжы з Польшчай) і ТАА «Рузэкспедыцыя».